Вершы
вернуться

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

1925

«Твае блакітнасці нязменны…»

Твае блакітнасці нязменны, Нязменна хараство тваё. А я атруты келіх пенны Разліў якраз ў жыццё маё. Душа, адданая прынадзе, Цяжкой і горкай, як палын, Забыўшыся ў карчомным чадзе, Ўбірае пах густы нізін. Мяцеліцы ў жмут паспляталі Без падзялення ночы й дні; І брудна-жоўтай плямай сталі Святло й электрыкі агні. І нецвярозы і распусны, Забыўся я тваё імя, І не адны галубіў вусны, І не з адной схадзіўся я. Хоць праўда (мо і выпадкова), Ўстаюць няясна інады, Як скарбы патаёмных сховаў, Даўно забытыя гады. Мільгне праз хмельныя туманы Жыцця разбаенага сказ, — І моладасць, і сны, і раны, І любы, любы твой абраз. І нагадаю маліцвенна, Ў збавенне ўверыўшы сваё: Твае блакітнасці нязменны, Нязменна хараство тваё.

1924

Маёй маці

І

Выпраўляла маці сына На чужую старану, Бласлаўляла ладам-чынам, Каб шчасліва павярнуў. Ды наказвала хлапчыне: «Доля прыйдзе ці міне — Помні, сыне, на чужыне Аб Айчыне, аба мне! Не запамятай ніколі, Будзеш бедны ці багат, Нашай долі і нядолі, Нашых пожняў, нашых хат». «Ой, матуля, ой, кахана, Не забыцца думкам, не! Ці то позна, ці то рана Люты смутак душу тне. А ўспамянеш, бы ў тумане, Бацькаўшчыну і цябе, Сэрца звяне, сіл не стане Біцца ў смутку і жальбе».

ІІ

Ты чакаеш сына, ведаю, З гора, ведаю, з тугі Ўпалі вочы, губы бледыя, Старыць, сівіць лёс благі. І нястрымнае, і лютае Не пазбудзешся нуды; І клапотамі, пакутаю Гнуць суровыя гады. Як бярозка тонкім веццейкам, Ў сум прыбралася сама, Бачыць сонца ясным лецейкам, Што табе пацех няма. І падслухвае пшанічанька, Як на постаці адна Ты ўздыхаеш, і крынічанька Жалю ўскіпвае да дна. А зімою ноч падглядае Доўга, сцішна пад акном, Як прадзеш, прадзеш, не радая, Не пазбудзеш думак сном. Як праз ветру спеў з трывогаю Ловіш з снегавых далін, Ці не едзе хто дарогаю, Ці не стукне ў дзверы сын… Маё сэрца поўна любасці Да радзімае мае, Паміж тлумам у загубнасці Песні помняцца твае. І калі лучыць нягодная Доля згінуць ў чужыне, Не ўздыхне душа ніводная, Не ўспамяне пра мяне. Толькі ты згаворыш пацеры Над нядоляю маёй, Толькі вочы мае мацеры Затуманяцца слязой.

1925

«Ўзысці на вогнішча натхнення…»

Ўзысці на вогнішча натхнення, Над тайнаю вякоў гадаць; Валодаць воляй да здзяйснення І ўмець, безмежна ўмець жадаць; Перадбачаць далёкім вокам І з нестрыванай яснатой; Над хаосам і ночы змрокам Ўладаць гармонні глыбінёй; І немым быць, і быць бязгучным, І не знайсці патрэбных слоў, Ні абразоў, ні рыфмаў лучных, Не выказаць тамячых слоў; Чуць за плячыма пару крылляў І сіл не мець зрабіць узмах… О боль смяротны, боль бяссілля! О жах бясплодства, бляды жах!

1924

Хлопчык

На дубец ускочыў конна: «Косю, косю, стой жа, стой. Вось удаўся конь нясонны — Не пастоіць пада мной». Хлопчык ладзіцца ў дарогу. «Ты ж куды?» — «Далёка, проч!» І, махнуўшы пугай строга, Шпарка ён імчыцца ўскоч. Ах, свавольнік мой, патвора, Бегай, смейся і гуляй. Не дакучу я дакорам — З год дзіцячых карыстай. Што ж, жывучы потым ў свеце, Нагадаецца якраз, Як скакаў к далёкай мэце На дубцы вярхом падчас…

1924

Бяссонне

Смяротнае, глухой тугі Зіяе чорнае бяздонне… О час запынены, благі! О ноч жахлівая бяссоння! Не сплюшчыць высахшых вачэй І пустаты не здолець немай. Душа ў пацёмках, без надзей Стаіць над нейкаю дылемай. Тупы, халодны шчэміць боль, Плывуць бязвольна думы ройма, І жах цячэ праз сцены, столь І песціць ў абцугах-абоймах… Адна-аднюсенькая грань Да новай, дзіўнае свабоды: Ўстае у жоўтым, здрадным здань І ледзянячы вее подых… Рукой нячутнай Шал кране, І вернай не мінуць загубы… Малюся — выратуй мяне, Спакой адвечны, мілы, любы!

1924

Меч

Яго ў зямлі знайшоў маёй разлогай, Аручы прадзедаў вузкі загон. Вясёлым звонам аказаўся ён, Калі чапіў канцом майго нарога. Абцёр набожна йржу часу благога, І заблішчаў старых стагоддзяў сон, І надпіс на клінку, нібы закон, — «Дарэшты бой!» — зірнуў загадам строга. І вось няма нясмеласці, разваг. Для сэрца вернага — чужынцам страх: Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры! Я з грамадой іду па шчасце нам. Мой меч зіхціць, непераможны, востры. Змагуся сам — дык сотням перадам!

1924

«Хто мужны, хто смелы, хто дужы…»

Хто мужны, хто смелы, хто дужы, Хто цэлем працят залатым, Над тым неўладарныя сцюжы, І лёс не ўладарны над тым. Хто к страху глухі, безразважны, Хто з воляй каванай, як сталь, Той хмелем трывогаў адважны, І шлях яго толькі у даль. Ёсць радасць у ярасці бою, Ў змаганні скрыжованых сіл, — Спаткаць сваю волю з чужою, З гарачнасцю іншай свой пыл. Не бледнуць, у час небяспекі Стрымаць неслухмяную кроў; Прад вокам упартым павекі Не хінуць ганебна далоў. І ведаць — у бойцы зацятай Пагібельнасць жджэ ваяка, Ледзь сумніў кранецца шурпата, Ледзь крыху аслабне рука. Так досць наракаць на нядужнасць, На горкія долі свае. О думнасць! О смеласць! О мужнасць! Вам песні і песні мае!
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win