Вершы
вернуться

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

1922

На ростані

На ростані дарогаў многа, А лучнасць іх — пахілы крыж. І вецер лёгкі на разлогах, І неба яснасць, шыр і выш. Ранейшай працы дасяганні, Наўкол — зялёныя жыта; І свежасць росаў светлых рання, І траў высокіх любата. І так прывабны далі, далі Ў задуме вечнай і смузе, За той смугою думкі ў жалі, Нязрадна, вечна у тузе. І торба вось, і кій дарожны: Пара ў пуціну мне даўно… А я — нясмелы і трывожны, А я — на ростані адно.

1923

«Бясспынна, глуха процьма часу…»

Бясспынна, глуха процьма часу Глытае хараство і моц. Заход бяздушным, светлым пасам Адзначыў свежае дзярмо. На могілках ўдыхаю цішу, Адзін жывы паміж крыжоў, А смутак дзіўны сэрца крышыць, Без назвы смутак і без слоў… І раптам стала зразумелым, Што маладосць прайшла мая, Што я астыў, калісьці смелы, Калісь гарачы, яркі я. Стаю разважны і халодны, Як сутуняючая даль, І толькі сум сябруе згодна, І толькі жаль, балюча й жаль. Вось крыж і новыя балясы, Грудок, абложаны дзярмом… Бязлітасная процьма часу, Не я — пад тым крыжом!

1923

Напярэдадні

Ружовая стужка на ўсходзе, Як сцяг пераможнага дня; І мроіць аб светлым прыходзе Пярэдадня змрок-цішыня. Халодныя, светлыя росы, Спакой, нерухомасць і сон; Здаюцца траве ўжо пракосы І косаў сярэбраны звон. Ў амшарах, балотах, лагчыне Бялявы, празрысты туман; А неба — глыбока і сіне, А неба — бязмежны дыван. І лес у чаканні бязмоўным Зялёнай жывою сцяной Стаіць, маліцвеннасці поўны, Ўрачыста, як на мшы святой. Зацвіркала першая птушка, І ветрык павеяў свяжэй. Ружова-ядвабная стужка Палае ярчэй і ярчэй.

1923

«Ляпей жабрачы лёс…»

Ляпей жабрачы лёс, У рукі кій, за плечы торба; Ляпей страха нябёс, Бясконцы шлях і леры корба; Ляпей чужыны золь, Сцякаць ад чорнай працы потам; Ляпей, не змогшы боль, Сканаць самотнаму пад плотам, — Але не лёс раба З бязволля ўласнага й бяссілля; Не гэтая жальба, Не скутыя рабамі крыллі. Хто волю верна сніць, Працят лятункам аб вялікім, Таго не спакусіць Ні ўладай, ні дабром бязлікім. І хай прысуд гняце І нікнуць вербалозы ніца, — Душы аб пекнаце Непераможна-думных сніцца.

1923

Смяротны пах

Ёсць боль затоенай тугі У кволым паху звялых кветак, Нібы ў канання час благі Ім родны марыцца палетак. Нібы шчэ вераць — вось дыхне Паветра хваляю гаючай І з хаты верне іх вясне, І знаюць — згуба немінуча. Людская жорсткая рука Іх, далікатных, ў поўным квету, Там, дзе прастор, палі, рака, Сабрала рупна да букету. І на маім стале зямлі Краса, найвысшая аздоба, Яны цвілі і адцвілі — І тайнай іх была жалоба. Ў самотнасць невясёлых дзён Яны ўвівалі летуценні І згадкі лёгкія, як сон, Аб сонца радасным праменні. І раніц звонкіх галасы, І чуласць ветру незвычайна, І хараство густой расы Прачыстай валадалі тайнай. І не дазнаў ніхто б яе, Калі б не гэты пах смяротны, Што дымам кадзіва ўстае, Такі тужлівы і маркотны…

1923

«Я люблю густыя шумы…»

Я люблю густыя шумы, Перагуд высокіх хвой. Ў цень і ціш лясной задумы Я люблю прыйсці вясной. Спачываючы ад болю, Ад няпраўды і маны, Пазнаваць чужую волю, Дыхаць пахам сасніны. І, спусціўшыся лагчынай У заросшы дол сыры, Між бяроз, густой ляшчынай Заблудзіцца ў гушчары. Дзе таёмна, сцішна, змрочна, Дзе вільготны мяккі мох, Дзе ўзіраецца ставочна Збуджаны Перапалох.

1923

«Насоўвае пушча…»

Насоўвае пушча Магутнай зялёнай сцяной. Ўваходжу у гушчу Высока узняўшыхся хвой. Павага й зацішша, Прасветы ў павеці жывой. І вецер калыша Страмкіх верхавін галавой. Салодка паверыць Ў разложысты шум над табой І, сцішаным, мераць Пуціну павольнай ступой. І слухаць бязмоўна Чароўнасць трывожнай душой, Грудзямі да поўна Ўдыхаці стыхіі спакой.

1923

«Векавечны хмуры бор…»

Векавечны хмуры бор Горда ўзносіцца высокі. Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі. Сонцам спалены чабор І густыя смягнуць травы, Гарачынню з блізкіх поль Тхне ў паветры нерухавым. Ў небе яснасць і прастор, Даль празрыста і бясхмара; Мляўкасць, парнасць і бязволь, Думкі вялыя ад жару… Ах, знайсці б між дрэў ля гор Ручаінкі бег самотны, Супыніць бы смагі боль І спачыць на ймху вільготным.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win