Вершы
вернуться

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

1921

Віхор

Гасцём і мараю трывожнаю Зляцеў да нас з-пад самых зор. Краінай любаю разложнаю Імкне, гудзе, шуміць віхор. І не, не злы, але бушуючы, Ў шалёным імпэце ўвесь ён, Ваду азёр і рэк хвалюючы, Пусціў па пушчах песню-звон. Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае, Штораз віхор гучней, прудчэй. Услухайся, паймі адвечнае — І гімны вырвуцца з грудзей. Пара, пара дазнацца, зверыцца Сваіх магутных сонных сіл! Адважны хто спыніць намерыцца Размах жыцця і творчы пыл?.. Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя? Дзе ходу нашаму мяжа?.. Ў адказ віхор пяе ўсё новае, І лязіво блішчыць нажа!

1921

«Душа мая тужлівая…»

Душа мая тужлівая — Лілея між балот. Яна ўзрасла, маўклівая, Між багны сонных вод. Ёй сніцца неба сіняе, Дзе сонечна вясна, І песняй салаўінаю Атручана яна. І нешта патаёмнае Шапоча родна ціш, І ў ночы цёмна-цёмныя Чаруе зорна выш. Наўкол жа ціна брудная, І плесня, й гідкі пах, Чыесь уздыхі трудныя, Нуда і нейкі жах. І штось незразумелае Шуміць-пяе чарот, Чаго не пойме белая Лілея між балот.

1921

Сёмуха

Начыста змецены і вуліца й двары, Ля ганка і варот паўбітыя бярозкі — Сягоння Сёмуха, сягоння свята вёскі, І весялейшае не знойдзецца пары. Пагодны, ясны дзень. У полі і ў бары Паветра хмельны пах, смяюцца сонца коскі, А ў хаце бел абрус, падходны блін — дар Боскі І шчасцем свецяцца мужычыя твары. І веру радасна я болей, чым калі, Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі: Абуджаны народ быліц дазнае сказ — Узрушыць як адзін пры свеце бліскавіцы. Прыйдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час. Дай думам сёмушным і казкам дай здзяйсніцца.

1921

«Як ўсё ў жыцці…»

Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна Мінула ў вечнасць назаўсёды. Памножыла тугу й нягоды, Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна… Душы ж як бы чагосьці шкода, А думка за адной адна: Ў тваім жыцці яшчэ вясна Мінула ў вечнасць назаўсёды.

1921

Прадчуццё

Неба пахмурае… ймгліць невясёлае… Нібы ў бяздоллі сумуе… Нечым стрывожана сэрцайка кволае. Чым? — адказаць не магу я. Можа быць, гэтая даль непагожая Крые у хмарах няшчасці? Можа, збіраецца сіла варожая Новы наслаці напасці?

1921

Вечарам

Вось і паў ужо змрок, Ды заціх дзённы рух, А агонь ў аблакох Дагарэў і патух. На лістох, на траве Заблішчала раса, І ўзышла, і жыве Ў небе зораў краса. Ціха ночка брыдзе — Поўна чараў і сноў; Смех чутны ў грамадзе, Што вяртае з палёў. Пасля працы цяжкой, Дзень правёўшы ў касьбе, Песняй сумнай такой Нехта цешыць сябе. І плыве яна ўдаль Над разлогам палёў, Чуцен гора ў ёй жаль І надзея без слоў. А ў адказ на яе То цішэй, то мацней Пяе песні свае У гаі салавей. Іх пачуеш, і ўраз Дзіўны сум агарне, І згадаеш ў той час Аб сваёй ты вясне.

1921

Вецер

Вецер ўварваўся праз весніцы, Пыл на дварэ крутануў. «Вер, што жаданае здзейсніцца» Ласцячы вуха, шапнуў. Шпаркі і смелы ў захопленні, Лёгка праскочыў праз плот, Штось зашумеў між каноплямі, Борзда мінуў агарод. Там жа, дзе жыта з пшаніцаю Спеляць свае каласы, Блытаў, віхрыўся дурніцаю І перабег на аўсы. Лесу пабачыўшы цёмнага Хмура-задумны аблік, Быццам спужаўся таёмнага, Сцішыўся, зменшыўся, знік…

1922

Туман

Навіс пасцілкаю туман, З імглы сатканы густа-густа, Заслаў лес, поле і курган, Паўзе да хат, як смоўж той тлусты. І, быццам цяжкі грэх жыцця, На сэрца шэрай лёг жудою, І яснасць дум і пачуцця Прыкрыў, халодны, ён сабою.

1922

«Толькі той, чый вольны дух…»

Толькі той, чый вольны дух Застаецца ў бойках квол, Толькі той, хто творыць рух Беларускіх мест і сёл, Толькі той, хто вера ў цуд — Лепшу долю курных хат, Толькі той, хто любіць люд, Толькі той — мой любы брат. Брат — бо думкі ў нас адны І адзін злучае лёс, Бо для роднай стараны Долі хочама без слёз. Мы мацнеем што ні раз, Чуюць моц чужы і свой. Жджэм: надыдзе грозны час — Будзе радасць, будзе бой. Пагалоска здзівіць свет, Заварожыць песняў тахт, — Бо значон дзядоўскі след І вядзе у далі шлях. А мо спыніць які кат? Мо спужаемся чагосць? Калі трэба, ўмерці нат Нам не страх, а шчасце ёсць.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win