Вершы
вернуться

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

1922

Раніцаю

Бывайце! Ізноў мне ўсміхаюцца далі, І сонца ў крыві і пястуе валоссе. Забыўся я дома нудоту і жалі, І ў свеце — мне сніцца — ліхое звялося. Чароўнасцю веюць хмурынак румянцы, І з цішаю звонкасць цалуюцца ў губы. О ветрыку свежы, скажы там каханцы, Які гэты свет — і салодкі і любы! Іду я па росным зялёным каберцы, І песня ад шчасця ў знямозе нямее, І сэрца, як сонца, і сонца, як сэрца, Сусветнае сэрца гарыць, палымнее!

1922

«Ізноў пытанні…»

Ізноў пытанні… З глуму, З бяды ўстаюць ў кляцьбе. І не магу не думаць, Край родны, аб Табе. Дазнаў кахання й мушу Дзяліці лёс благі, І знак кладуць на душу Твае мне ланцугі. Я звону іх цяжкому Склаў песню не адну — І не аддам нікому За ўсякую цану. Выходжу з хаты рана, Каб стаць за азярод І першаму з туману Пабачыць сонца ўсход. Каб на ўзрунелых рытвах Усцешыцца цяплу І раннія малітвы Паслаць яму — Святлу: «Спалі, калі так трэба, І пожні, і пале, Пашлі грымоты з неба, Віхор пашлі, але Хай пройдзем праз напасці, І дачакаю хай — Убачыць ў новым шчасці Мужычы Край».

1922

«Тваё пісьмо…»

Л.С.

Тваё пісьмо… Пасля даўгіх гадоў Расстання, сноў благіх, надзей абманных. З трывогаю ў радкі ўглядаю слоў, Рукою пісаных каханай. Абуджаны дзіўныя пачуцці, Узрушаная мысль ўяўляе жвава, І абразы, што зніклі ў забыцці, Ўстаюць у памяці яскрава; І твой аблік ласкавы, мілы, Пастаць і пасмы светлыя валос, І к перамогам з новай клічаш сілай Мяне, знямогшага ад слёз; І радасць светлая з радкоў цячэ І абнаўлення чары ў сэрца сее… Нібы не ўсё загублена яшчэ, Нібы магчымы йшчэ надзеі…

1923

«Нікне ў імгле старана…»

Все поют и поют вдалеке…

А. Блок
Нікне ў імгле старана… Пільна сачу праз туман… Нечая песня чутна, Нечы зыбаецца стан… Лёс даручыў палашу, Моўчкі, даўно сцерагу… Песня трывожыць душу, Слоў зразумець не магу… Існасць не ўнятна праяў: Загадкай дрэмле разлог, Тайнасці лёс захаваў, Далі сцяною аблёг… Буры пара б нагадаць Шэрасць дакучлівых хмар. Сэрца прыстала жадаць, Гасне паволі пажар. Сны на павеках маіх: Згіну без сіл, небарак… Толькі вось спеў не заціх — Словаў не ўцямлю ніяк.

1922

«Дарма, што значны раны…»

Дарма, што значны раны, Праз небагаты ўбор І тужны, праз туманы Відаць вачэй дакор, — Яе аблічча светла, Узорны — тканы пас, І летуценні ветлы Аб недалёкі час. Між пушч Яе сяліба, Дзе хіліцца асець, І там, дзе цьмяна скіба, Прыходзіць песні пець; І там, дзе над балотам Кудлачыцца туман, К густым рачным чаротам Мільгае лёгкі стан; І дзе над даўным сумна У неба крыж ўстае, Падгледзеў я задумнай, Маркотнаю Яе. Аддана, кім — не знаю, Душа ў Яе палон, Але няма адчаю Ў марудным бегу дзён. Надзеюся і веру Патайнаму сляду, — Нясе ў самотнасць шэру Яна маю гвязду. Малюся Ёй, упарты, Палону тайна рад: — Хай, верны, буду варты Тваіх жабрачых лат. Дазволь з Табою разам Спаткаць нядзельны час, Каб новай песні сказам Хваліці Твой абраз!

1922

«Устае туман бялявы…»

Устае туман бялявы Над балотным імшаром, Дагарэўшы, дзень ласкавы Змрок ахінвае крылом. На заходзе ў шэрых клубах Дагарае светлы пас. Я цябе чакаю, люба, Ў гэты ціхі змрочны час. Я чакаю, я гатовы, Слоў нанізываю ніць, Каб істужкай брыльянтовай Пасмы светлыя абвіць.

1922

«Нібы вялізны чорны птах…»

Нібы вялізны чорны птах, Заслала хмара зорны шлях; Ды не пасвежала прырода, Не пала ў полі прахалода. Ў паветры мляўка пасля спекі, І душна, і трывожна ноч… Вось хтось магутны ўзняў павекі — І свет мільгнуў агніста з воч. Ўрачыста-грозным, гулкім смехам Загрукатаў пярун ў адказ, І загукала згодна рэха, Грымотны зразумеўшы сказ… І змоўкла ўсё, на час знямела, Прыціхла ноч і жджэ нясмела… Ша! хтось застукацеў аб дах, Нібы ў бяссіллі чорны птах.

1922

Дзіця

Са смехам па пожні так жвава Бяжыць, матылька даганяе І топча і кветкі, і травы Дзяўчынка, нябога малая. Дзіця, супыніся часіну! Ў жыцці без патолі і ласкі, Як злыдні й нягоды ахінуць, Ці ўспомніш стаптаныя краскі? Пад сонцам вясняным і шчасным, Ў вясеннюю светлую пору Стаптаныя, ссохнуць заўчасна Яны без тугі і дакору… . . . . . . . . . . . . . . . . Дзіця, супыніся і далей Бяжы па зялёнаму долу… Такія блакітныя далі, Так проста і ясна наўкола!
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win