Вершы
вернуться

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

1931

Гімн беларускіх паўстанцаў

Час, Беларусы, ўжо час — Маці-Краіна нас кліча. Устанема дружна, ураз — Сіл нашых вораг не зліча. Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць! Грозны надходзіць мамэнт, Бой пачынаем рашучы: Скрышым старое ушчэнт, К волі змагарна ідучы. Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць! У песнях бязудзерж таім; Вецер штандарамі вее. Прысягу складаема ім Родных не здрадзіць надзеі. Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць! Бурны нас радуе дзень, Кліч агалошвае полі, Сонца вітайце прамень Праўды мужыцкай і волі. Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць! Дружная моц — грамада І перамозе зарука, Больш нас не чэпіць бяда, Годзе напасцяў, прынукаў! Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць! Край абаронім грудзьмі Ад панавання палацаў. Вольнай, працоўнай сям'і Ўспор красаваціме праца! Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць!

Каваль

Горан мехам раздзьмухаю, Палажу на горан сталь. Што рабіць, я знаю, знаю, Нездарма куе каваль! Падзялілі чужаніцы, У няволі старана. Не скую у плуг паліцы — Не прыдасца мне яна. Закаваны люд мой, волат, Крыўд нязлічаных цяжар. Вышай, вышай, верны молат, Нестрыманы ў сэрцы жар… Хлопцы, хлопцы, — на змаганне! Гэй, крыўдзіцель, вораг, — прэч! Нездарма каваў я зрання, Недарма навостран меч.

«У сэрцы нязрадна туга аб адной…»

У сэрцы нязрадна туга аб адной, Нязнанай, адзінай, вяльможнай, А колькі было іх у далі маёй, І сэрца ўзрушалася кожнай.

«І ў сэрцы (Божа, якаво!)…»

І ў сэрцы (Божа, якаво!) — Якія спевы і маленні. О, як ні раніць хараство — Яго туга, яго баленні, Нібы празрыстых тайн пітво, — Не весць хаўтур, а знак збавення.

«Ясната, пекната…»

Ясната, пекната, Неба сінь — любата, Вось дзянёк! Цёмны гай, неўнарай, Быццам казачны рай, Вабіць нас у цянёк. Згода, ціш, не ляціш Вольнай думкаю ўвыш Ад зямлі. Добра тут. Верыш ў цуд. Свет, цяпло — родны кут Спавілі.

Безнадзейнасць

Ноч стушыла агні, пад акно Падступіла й цікуе жахліва. Што пачну выглядаць? Не відно, Не відно — за акнамі маўкліва. Без зары, без агню немага, Немага, калі ноч — як магіла. І чаго спадзявацца ільга, Калі змроку крыло атуліла? На душы пустата, немата, Не ўзрушае ні песня, ні дзейнасць. Толькі сум, як увосень слата, І спакой, і спакой — безнадзейнасць.

«Падарожным, Божанька…»

Падарожным, Божанька, Ды не легка йсці. Не відаць дарожанька — Цяжка ў беспуцці. З тропу, сцежкі роднае Збіліся дзяды, І гады нягодныя Замялі сляды. А душа мужычая І да гэтых пор Па старому звычаю Моліцца да зор. Нашы сёстры, мацеркі Сэрцам у жальбе, Пацеры у пацеркі Ніжуць да Цябе. Над мінучай славаю, Гучнаю, як звон, Над вялікай справаю, Кінутай ў палон.

«Нягоды твой не зменяць крок…»

Нягоды твой не зменяць крок, І ты пяшчотная ўсё тая ж, І радасці жыцця ў вянок, Як і калісьці, завіваеш. Я ж лёсу не асіліў жудзь І небыцця спужаўся плоймы, І страшны, палахнечы пуць Мяне вядзе ў твае абоймы. Прыходжу, як даўней, к табе, Але ўжо з іншым, горкім сказам, А ты уваж маёй жальбе І пасядзі са мною разам. Кажу, а голас мой, як брэх, — Ну што, мы толькі снім аб шчасці, Звініць дачасны рады смех, Каб абарвацца і прапасці. І мой жа праз вякі цяжар, І свет нікім не перайначан, І кожны новы людскі твар Пячаткаю трагічнай значан. А ты кажы, што любы хвор Ці нейкім чорным спален сонцам, І што адвечна ззянне зор, І б'е жыццё цурком бясконцым.

Дзень і ноч

Ў раскошы пераможнай дня, Ў святле і яснасці ўрачыстай, Ў яго апратцы залацістай — Жарстокая харашыня. Праз сонечны яго пагляд Душа заўважае халоднасць, І дзіўную трывог нязгоднасць, І у цвярозасці разлад. Праходзіць ён па-над зямлёй, І да зямлі самой бяспечнасць. І ўсё ж глухая бессардэчнасць Да працы й клопату людзей. І, стомленым, здаецца нам: Пад бліскам гэтага каберца Другога свету б'ецца сэрца І тайна бытавання там. Завянуць, збледнуць фарбы дня, Прысуд не знаючага, помсты, — І невядомыя таёмствы Уявіць цемры глыбіня.

«Маіх радасцяў лісце спадае…»

Маіх радасцяў лісце спадае, Нібы лісце пажоўклае дрэў. Эх, карчомная доля благая, Патапіў бы цябе, каб прымеў. Па-за воканню вецер галосе І скавыча, паганы і злы, Незадачная гэткая восень, Незадачная радасць імглы. І натрапіш на гэткую нетру, Бы ў прадонную чорную цьму. Не, я толькі ад лютага ветру, Я ад ветру схаваўся ў карчму. А калісь было неяк іначай І хапала цяпла без таго, Горкай памяці дробнай астачай Да дзяцінства кульгаю свайго. Але й тут жа на розум мужычы, Як і ўсюды — жывыя людцы. І ў маім мо чытаюць абліччы, Што не звёў я з канцамі канцы.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win