Імгненні
вернуться

Кучмель Наталля

Шрифт:
* * * Стрыжоў і ластавак мые Неба водаварот. Шыпшыны губы туг ія Сцялі ружовы рот. Паволі ноч наступае, I ў ёй прасвету няма... За здраду найгорш карае Жанчына сябе сама.
* * * Я за цябе старэй — на той спакой, Які бывае, калі ўсё разгубіш І не кахаеш, а спакойна любіш, Не забываючыся выгады сваёй. Я за цябе старэй — на той спакой.
* * * Ў акне дзявочай спальні Гарыць, не міргне свечка. Кахаць не развучыцца. А ўнізе — вецер, слота. Пажоўклых лісцяў плямы. Няма прытулка сэрцу. Каханак на гадзіннік Глядзіць, затым — у цемру. Кахаць не развучыцца. Кот мокры і блішчасты Хаваецца ў пад'ездзе. Няма прытулка сэрцу. У сне, прад нараджэннем, Шаволіцца зародак. Кахаць не развучыцца. Штоночы ў адзіноце Стары чакае смерці. Няма прытулка сэрцу.
* * * Скупое сонца п'юць бакамі гмахі, I смешны снег аблёг зямлю і дахі — Як семяно: пласт пуху па вярху I кругленькае, цвёрдае — ў пуху. I не назваць, што больш было б вясеннім, Чым гэты снег, падобны на насенне, I сонца, што, як котка на страсе, Аж надта годна галаву нясе. Але ўжо прагрымелі кроплі сцёкам. I твой пакой — абдымкаў нашых кокан, Спусцелы кут задушных таямніц — Асветлен скрозь прарэзы аканіц.
* * * Ляніва, быццам адэсіты, вып'юць кавы I пойдуць блындацца па горадзе без справы — Два даўганогія, пад сонцам, за руку. I ветрык, што ў дрымотных пошуках чагосьці На даляглядзе, як падушкі, хмары мосціць, Не пашаволіць разамлелую раку; Бо на адно дастане сіл — даткненнем гібкім Сушыць нагі маленькай мокрыя адбіткі На шэрым покрыве бетоннай паласы I спрабаваць спатоліць вялае тамленне, Яе спадніцай абвіваючы калені. Яму разбэрсаўшы на вочы валасы.
* * * Праполка... Двухтыднёвыя дажджы Дзяляну марнатраўем затапілі. Паўсюль, не вылучаючы ні град, Hi баразён,— адною злітнай хваляй Курчавіцца і бухне зелянота. Мелісы пах. Мяшаючыся з пахам Парэчкі і зямлі, ён кліча — жыць! Ён кліча — жыць! Ён кліча — шчасным быць, На дробязі не зварачаць увагі. Не гледзіш? Што ж. Будзь вольны. Бог з табой. Жыві, як можаш. Я жыву — як хочу! Таму што ведаю цяпер, як трэба, Таму што падаюцца пад рукамі Макрыцы ніцістыя карані, I дыхае слабенькая меліса, У свет шырокі гледзячы з адвагай, I між кустоў парэчкі — самасея, Хоць мокрая, ды гордая паставай Сарана яркай барваю гарыць.
* * * Паводле сюжэтаў «Тысячы і адной ночы» — Здурнела! Сорам на вачах губляеш! Пагардліва зірнуўшы спадылба, Ўсясветнаму цару ты адмаўляеш I да грудзей штомоцы прыхінаеш Нахабнага і брыдкага раба! I цар, адрынуты, абагаўляе Тваю між смецця знойдзеную рэч, А раб каравы твар свой прыкрывае Ад пацалункаў і цябе піхае, Нібы свінню: «Пайшла, пачвара, прэч!» — О той, хто загаворвае сурокі, Дапамажы, бо звяну, як трава: Самаадданы, юны, яснавокі, Мне цар не мілы; нічые папрокі Не дапамогуць: чую толькі крокі Карослівага чорнага раба.
* * * Май. Дождж ішоў. Цяжкі і вогкі пах Цяжкіх і вогкіх выпарэнняў бэзу. Асфальтам заліваны чорны шлях Блішчыць спіной, як мокрае жалеза, I на ільсніс тай, маслістай спіне Ў бяздумнасць і спакой нясе мяне.
* * * Неба ў бляску сляпучым стыгне, Жоўтым вокны шкліць. Без цябе пражыўшы тры тыдні. Так і звыкну жыць. Але ў вечар, ветрам напяты Над ламаным грэбнем дамоў, Тонкі твар, бы з іконы зняты, Узгадаю зноў. Што ты? Дзе ты? Месяц замглёны Крэпне між аблок. У завулку блукальнік сонны Прыцішае крок.
* * * На могілках старых з-пад голых вербаў ніцых Відаць, што не гарыць ні ў храме, ні ў капліцы Святло; і рад магіл, на стомлены пагляд, Так мірны, як нібы дзіцячых ложкаў рад. Парадак іх маўчыць аб сне, а не аб смерці. I хочацца запхаць пад белы камень сэрца Дый так далей пайсці — каб не было чаму Hi рвацца, ні цярпець пякучую думу, Ані перажываць бязлюдства, безграшоўе, Пакуты за любоў, чыёсьці безгалоўе... Йсці стылай, ледзяной, цягнуць бязгучны спеў I тоненькім кійком збіваць лістоту з дрэў.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win