Матчын дар
вернуться

Гарун Алесь

Шрифт:

57. Асеньні сьпеў

Пойдзем, каханачка, двое У лес у густы, Ціхі, бо скончыў сваё панаваньне; Жоўкне, галее, мураўка ў ім вяне, Чарнеюць кусты. Пойдзем, галубка, пад дубам Прысядзем, мая. Гэнам убачым лістоў ападаньне, Шэлест іх сумны пачуем, шаптаньне I звоны руч’я. Будзем адны мы на сьвеце З табою, адны Тыя, што прыйдзем у часе скананьня Беднаму лесу сказаць на жагнаньне: — Да новай вясны!

58. Песьня

Прыказала слонца ветру Перастаці, Прамаўляла: «Годзе, ветрэ, Бусаваці». Прамаўляла: «Дай жывёлам Адпачынку, Перастань жа, ветрэ, дзьмуці Безупынку». I ўзышло ў бліскучай шаце Залатое I пястуець любым вокам Ўсё жывое. Не сядзіцца ветру ў хаце — Быстраходу, Не уцерпеў, ўзьняўся бурай Ад заходу. Карагоды хмар па небе Панясьліся, Паліліся зь неба сьлёзы, Паліліся… Прамаўляла дзеўча сэрцу — Ненаглядзе: «Не хадзі ты вішні есьці Ў чужым садзе. Не хадзі к другой ў залёты, Не ўдавайся, У другія вочкі, любы, Не ўглядайся». Лугавой лілеяй дзеўча Расквітала, Цалавала сваю ўцеху — Мілавала. А няверны той удаўся За другою, — З млынароўнай пахаджае Над ракою. З млынароўнай жарты строіць Каля млына, А дзяўчына сохне, вяне, Як галіна… Ой, з-за хмарак ясна слонца Йшчэ узыйдзе, Да дзяўчыны ж любы ўвечар Больш ня прыйдзе.

59. Хаўтуры

Ня ў звоны хаўтурныя служка прабіў, Як хаваў я дзяўчыну, катору любіў. Не на могілкі людзі кахану нясьлі, А у цэркву баяры яе павязьлі. Не халоднай зямлёй засыпалась труна, А другому любіць прысягалась яна. Не пясчаны над ёй вывадзілі капец, А вясельныя дружкі трымалі вянец. I ня плакала матка, што ўмерла дачка, — Цалавала жанулька свайго мужанька! Не асінавы кол я над ёй забіваў, А старэнькі дзячок даўгалецьце сьпяваў…

60. Мяцеліца

Ой, спаліце, перуны, Майго Янку, бо дурны! Назаляе толькі мне, А каб сватацца, дык не! Я казала, дый ня раз: Прысылай сватоў да нас; Татка добры, ён аддасьць, У пасаг — цялушку дасьць. А той Янка, той благі, Ўсё сьмяецца — «гі-гі-гі!» Да таго ж часамі кпіць: «Ну, чаго табе карціць?» Ой, праліцеся, дажджы, А ты, Яначка, пажджы: Учыню табе бяду, За нікога не пайду!

61. Два каханьні

У аднэй Марылі, маладой дзяўчыны, Быў каханак Яська, вагнявы хлапчына. Што ні вечар прыйдзе, што ні ночка стане, А ў іх у садочку аб адным шаптаньне: «Дадушы, — Марыля свайму Янку кажа, — Хіба сьмерць бяз часу нас з табой разьвяжа». «Не кажы няпраўды, — малайчына вучыць, — Нас ні Бог, ні людзі і ні сьмерць разлучаць». I сядзяць і шэпчуць да зары-сьвітаньня, Былі вішні ў садзе сьведкі мілаваньня… А настаў дзянёчак — да Марылі ў сваты Прыляцеў панічык, шляхцючок багаты, I дзявоча сэрца, — ах, слабое, знана! — Перайшло ад Яся да другога пана. Хіба ж Ясь заплакаў? Не з таго дзесятку! Пакахаў другую, пакахаў Агатку. I цярер, як цемразь западзе над вёскай, Ён сядзіць з Агаткай пад старой бярозкай; Пралятаюць змрокі неўсьцярэжна хутка, I ўся ноч здаецца, як адна мінутка! А жыла ж Антоля, — мусіць, мела долю, Ды згубіла долю ў шырокаму полю. Мела двух прыгожых, мела двух каханкаў, I адзін быў Янка, і другі быў Янка. (Дзьве душы няродных ў адным целе жылі I дзяўчыну кожна паасоб любілі.) Адзін з шчырым сэрцам, а другі зь няверным Надарылі дзеўку жалем непамерным. Як адзін цалуе, ненагляду песьціць, Дык другі мяркуе, як бы абясчэсьціць. Як адзін ў садочку зь любай пахаджае, То другі у прочкі ў думцы ад’язджае. Як адзін бажыўся, абяцаў жаніцца, То другі у лыжцы жычыў утапіцца. I ў канцы-ся стала, чаму было стаці: Прычытала маці над дачкой у хаце: «Ах, мая дачушка! А мая ж рыбулька, А мая ж ты птушка, а мая ж зязюлька! А чаму ж ты, доню, губкі сашчаміла? А чаму ж ты, дзеткі, вочанькі закрыла? А чаму, дачухна, міла не ўсьміхнесься? А чаму, красухна, мне не адгукнесься? Што ж табе ня добра, што ж было ня міла? Ці ж тваю галоўку не сама я мыла? Ці ж тваю сарочку не сама я ткала? Ці ж тваеі сьмерткі я, скажы, чакала?..» Так было з Антоляй, што ня мела долі Ці згубіла долю ў каласістым полі. Як жа тыя злыдні? Хоць адзін шкадуе? Э! адзін часамі, а другі ганьбуе. Як былі ж абодва у ядыным целе, Дык жаніўся Янка і згуляў вясельле.

62. Казка

«Што, дзяўчаткі, парабочкі, Казку вам сказаці? Ну, якую ж проці ночкі Лепей нагадаці?.. Добра!.. Слухайце уважна, Не перабіваці! Сядзьце чынам і паважна, Кіньце блазнаваці! За ваконцам вецер сьвішча, Як ваўчына вые, Ведзьмы справілі ігрышча, Ведзьмы маладыя. Ў хаце цёмна, ціха, смутна, Цяжка а тужліва, Уздыхае хтось пакутна, Неяк сіратліва. Ўдовай бабкі сын прыгожы Сеў каля ваконца, Чымсьці хворы, спаць ня можа. Выглядае сонца. Ведзьмы скачуць і гуляюць, Зірк ў вакно: хлапчына! У ваконца барабанюць: «Выйдзі, малайчына!» Выйшаў. Чуе — нехта плача, Ціха нехта кліча: «Сюды, сэрца! Гэй, бурлача, Пакажы аблічча!» Йдзець. На прызьбе каля хаты Бачыць: маладзіца, Пекнай ўроды, строй багаты, Ясны, аж мігціцца. Стаў і словам не азьвецца, Моцна задзіўлёны, А яна — дык проста рвецца: «Мілы, улюблёны! Сядзь жа поруч, не цурайся Ды любі мяне ты, Ты ж наблутаў, не сьпірайся, На мяне цянеты». Сеў хлапец несамавіты, Зь ведзьмаю абняўся, Вецер, злога прагавіты, Роў і не спыняўся. Рукі белы аплятаюць, Ўюцца каля шыі: Кроў прыціскі калатаюць… Вецер сьвішча, вые. Потым палкім пацалункам Ў вусны упілася… Сэрца смокча… і з рабункам Ў віхры паняслася. А дзяціна так ля дому І сядзець застаўся… Ведзьмы вобраз маладому Доўга ўспамінаўся. Як успомніць — сэрца рвецца Проста у скумацьце, Да нічога не прыткнецца, Ўсё сядзіць у хаце. І канец. А ведзьма? Можа, Да другога ходзіць, Маладая, ды прыгожа Жарцікі разводзіць.

63. Хатка

Там, дзе сумна, з краю бора Ў тры ваконцы сьвеціць хатка, I зь лясной травой гавора Буракоў і бульбы градка; Дзе жаўцеюць тры загоны, А на кожным па дубочку, Ціха шэпча бор зялёны I глядзіцца ў ручаёчку; Дзе чутно, як сонца грае На праменьнях сьвету горда I ніколі не зьмірае Зык шчасьлівага акорда, — У тэй хатцы, пры тым боры Асялілісь аж тры горы: Сын даўно пайшоў ў жаўнерку, Хоць, здаецца, меў ён льготы… Ах, згубілі Казімерку У жаўнерцы тэй сухоты! Доню мелі… Божа воля! Выйшла замуж, ён п’яніца… Што падзееш? мусіць, доля!.. I памерла белаліца. Мелі мейсца. Хлеб трымаўся, Быў рызман, хаця і зрэбны, Пан лясьнічы штосьць ўзлаваўся: «Вы мне, кажа, непатрэбны…» Аж тры жалі, аж тры горы, Там у хатцы, там пры боры!

64. Габруська

Габруся ў жаўнерку ўзялі, Ад дамоўства адарвалі. Ой, Габруська, Габруська! Зажурыўся стары татка, Стогне цяжка, плача матка: — Ой, Габруська, Габруська! Залілася слязьмі люба: — Не запомні, мой галубе, Мой Габруська, Габруська! Муштравалі ў войску строга, Не давалі думаць многа. Ой, Габруська, Габруська! Дзецюкова сэрца б’ецца, Бацьку ўспомніць — скаланецца. Ой, Габруська, Габруська! Дзецюковы думкі ўюцца, — Матку ўспомніць, сьлёзы льюцца. Ой, Габруська, Габруська! А дамовы вецер вее, Любу ўспомніць — абамлее. Ой, Габруська, Габруська! Захварэў Габрусь на службе, — Ліст пісаці кажа дружбе. Ой, Габруська, Габруська! «Не чакайце мяне ў хаце, Час прыйшоў мне паміраці». Ой, Габруська, Габруська! Ой, сканаў Габрусь ў чужыне, Жаль ўчыніў сваёй радзіне. Ой, Габруська, Габруська! Засмуціў ён сваю любу: — З кім пайду цяпер да шлюбу, Мой Габруська, Габруська?!
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win