Матчын дар
вернуться

Гарун Алесь

Шрифт:

III

Цесна ў карчме — ў бочцы мэрам Селядцоў, людзей набіта. Дымам лямпачка спавіта Тытунёвым, едкім, шэрым. Гоман, грукат, сьмех і спрэчка… Гэнам граюць, гэтта скокі Вырабляюць, ўзяўшысь ў бокі, Аж трасуцца сьцены, печка. Баўтрамей спацеў, чырвоны З цыганамі п’ець гарэлку, Скінуў сьвіту і мяргелку, Выглядае, моў шалёны. Мусіць, дзюбнуў чарак многа, — Нешта старцаў ўспамінае, Зь іхняй долі выкпівае I сьмяецца з Пана Бога. «От, халеры! Дай ім хлеба, Дай рызманчык, тое, сёе Гультаям!.. За што, якое? Суляць ласку божу зь неба… Ласку божу!.. Абібокі! Мне пуховы хлеб смачнейшы, Ў роце коле, а сытнейшы, А нябескі… вох, далёкі! Кажуць, ў небе ёсьць збавіцель. Мне здаецца — людзі брэшуць, Языкі аб зубы чэшуць: «Ёсьць збавіцель, спакусіцель…» Тут цыган, што быў ля боку, Лезе проста цалавацца: «Можаш з царствам распраўляцца, У галоўцы маеш клёку, Маеш, братка! Мусім выпіць, Я з бутэлькі выльлю рэшту». На другіх міргнуўшы нешта, Абмачыў ў гарэлцы кіпець. Баўтрамей, як выпіў гэта, Крэкнуў, плюнуў, аблізнуўся… Цыган хітра усьміхнуўся. «Прад табою, — кажа, — мэта: Хочаш злота мець, як бруду? Хочаш срэбрам слаць падлогу? Хочаш медзі? Дам спрамогу, Ўсё дастану, ўсё здабуду. Хочаш панам быць прыдворным? Грапам, князем, дваранінам, А ня бедным селянінам, Не хадзіць у целе чорным?.. Хочаш, браце?.. Ну, кажы нам?» Баўтрамей крыху зьмяшаўся: «Я папраўдзе не зьбіраўся Быці нейкім кармазынам…» «Ён ня думаў, — вох, прастота! Хіба ты ужо напіўся? — Цыган зноў жа прычапіўся: — Ты кажы: ці ёсьць ахвота?» «Быці панам… Жыць ў дастатку… Быць ў пашане… Ўсё пазнаці, — А за гэта… Што вам даці?!» «Што? Драбніцу толькі, братку: Нам душы тваёй ня трэба, Не бяром цяпер ні ў кога, — Адступіся ты ад Бога, Адступіся ты ад неба. Згода, слухай? Кажы: «ладна»! Вып’ем разам гарнец мёду». Баўтрамей ня чуў падходу I згадзіўся безаглядна. Цыган ўстаў з услону важна, Ў правы, ў левы кут падзьмухаў. «Ну, цяпер устань, і слухай, I кажы за мной выразна». Стаў Баўтрук, зьмяніўшысь ў твары, Ўвесь дрыжыць, — калоціць фэбра [10] , — Дзеля злота, панства, срэбра Прамаўляе ціха чары. З кожным словам ўлазіць звольна Сум ў душу і страх сьмяротны. Прамаўляе неахвотны, Над сабой цяпер ня вольны. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Скончыў цыган: «Сядзь, ягомасьць, — Кажа чорны, — скончым дзела, Пагуляем, братку, сьмела За прыемную знаёмасьць». Баўтрамей вачыма лыпнуў, Як бы зараз ён прачхнуўся, Глынуў сьліну, папярхнуўся. «Я залішне, мусіць, лыкнуў, Толькі што я відзеў страхі: Ясны анёл з чорным біўся, Гром грымеў, а сьвет зацьміўся, I прапалі неба знакі. Хтось душыў мяне за горла, Аж пачуў я ў вуш’ю звоны, Аж цяпер здаюцца шпоны Тут, на шыі. Дух запёрла…» «Глупства гэта. Вып’еш болей, Мары, пане, зараз зьнікнуць, — Цыган кажа, — нават пікнуць Не адважацца ніколі». Выпіў кубак мёду поўны Баўтрамей, другім паправіў. «Ты, цыгане, — кажа, — правіў, Што я буду пану роўны, Буду злота мець бязь ліку, Срэбрам ў хаце біць падлогу, Дай жа грошы, колькі змога, Хоць бы тайстру [11] невяліку». «О! За гэтым, брат, ня стане, — Будуць грошы, будзе панства! Маеш патэнт на дваранства: Гэрбу Воўка на Кургане. Маеш грошы: чыстым злотам Мех скураны вось набіты. Ну, цяпер, здаецца, квіты, Ці чаго яшчэ ахвота?» «Дзе, у ліха, больш хацеці? — Баўтрамей ў адказ сьмяецца. — Хопіць мне, і застанецца Ашчасьлівіць нават дзеці!» «Досыць? Добра! Схочаш болей, Дзьмухні толькі ўлева, ўправа, Па загаду зробім жвава, Як ніхто, нігдзе, ніколі. Віват! — крыкнуў цыган, — слава! Жычу шчасьця Баўтрамею!» I пайшла ў карчме завея, I пайшла ў карчме забава. Ўсё сплялося ў нейкім віры: Рукі, твары, плечы, сьвіты, Кужаль панскі, аксаміты, Порт мужыцкі, скрыпкі, ліры. Ў дзікім тахце рэюць зыкі, Баўтрамей з цыганкай скача: «Хадзі, імасьць, хадзі, ваша! Скачы, пані!.. Чыкі-брыкі!..»

10

Фэбра — ліхаманка, трасца (польск. з лац. мовы).

11

Тайстра — кайстра, торба, клуняк.

IV

Цэлу ноч сядзела жонка, — Муж з кірмашу зараз будзе… Прывязьлі ёй ўранку людзі Нёжывога Паўлючонка. Ён загінуў, грэшны, блізка, Ў дзьвюх вярстах ад вёскі роднай, У дрыгве сырой, халоднай, У вадзе, густой і сьлізкай. Там ляжаў ў асоцы голы, Твар абдзёрты меў і рукі… «Гэта, пэўне, чорта штукі», — Разьняслося навакола. Сто гадоў таму здарэньню, Можа, нават больш мінула. У зямліцы тры заснула Чалавечых пакаленьні, — Род загінуў Баўтрамея. З часам сьмерць усё выводзіць! А паданьне ў вёсцы ходзіць I дзядоўскім духам вее.

72. Шчасьце Мацея

Старадаўная казка
Жыў сабе ў сяле Мацей, Меў шасьцёра ён дзяцей, Сядзеў, бедны, без работы, Бо ня меў к таму ахвоты. Красьці ён высьцерагаўся, Знаць, астрога крат баяўся, А шасьцёрка дзетак плача, Трэба хлеба ім, аднача. Вось ад гэтае нядолі, Каб ня чуці стогнаў болей, Рушыў раз Мацей ў дарогу Проста ў рай, к Самому Богу. Ўздумаў праўды дапытацца, Што рабіць, за што узяцца? Брыў ці многа ён, ці мала, Ў лес густы яго прыгнала. Паўдня, мусіць, йшоў па лесе Ды зблудзіўся, нос павесіў, Сеў пад дрэвам і чакае, Можа, пройдзе хто. Гукае. Толькі ўчуў ён: нехта едзе; Лес трашчыць, як ад мядзьведзя, Конь капытам так грукоча… Уцячы Мацейка хоча, Хоча ўстаць — ніяк ня можа… — Вось бяда дзе, моцны Божа! Зьліўся потам ўвесь, трасецца… Бачыць — сьвет к яму нясецца: Бяжыць ясны, пекны конь, Ўвесь гарыць, маўляў агонь, Збруя белая раменна, Ўбрана ў золаце адменна; На кані, узяўшысь ў бокі, Чалавек сядзіць высокі, Пекна надта прыадзеты, Але быццам з таго сьвету. Вось узьехаў на паляну, Дзе сядзеў Мацей зьляканы, Конь спыніўся, стаў, чакае, З воч яго агонь шугае. «Што сядзіш тут, маладзец? — Так спытаўся той язьдзец. — Куды брыў, на што сабраўся?» Мацей духу тут набраўся, Зірнуў проста на яздца: «Ў імя Сына і Айца!!! Сьвяты Юр’я, пэўне, гэта: Такі з твару, так адзеты, Як я бачыў на абразу!» Пасьмялеў Мацей адразу Дый прамовіў да сьвятога: «Я — Мацей з Бару Крутога, Шмат дзяцей, паночку, маю, А карміць іх чым — ня знаю. Працаваў бы — не здалеці, Бо гультай я ў гэтым сьвеце! Красьці? — краў бы, дык баюся, Бо, крый Божа, пападуся Да пачцівых як людзей, Так паходзяць ля грудзей, Што жыць стане неахвота! Вось такія мне клапоты. Я і думаў, як мне быць, Дзе спакой сабе здабыць? Не дайшоў сам да нічога, А надумаўся — да Бога Я пайду і запытаю, Што рабіць на сьвеце маю? Ды у лесе во зблукаўся, Начаваць у ім сабраўся… Вы ж, паночак, быць павінна, Ў неба едзеце ў гасьціны? Дык мне ласку там зрабіце, Аба мне ўсё раскажыце I аб дзетках маіх разам; Што там скажуць? З пераказам Сюды едзьце проста ў лес». «Добра, добра, я увесь Для цябе гатоў служыць! Як мне толькі не забыць Тое ўсё, што ты казаў? Я б паяс расьперазаў На ўспамін, — дык меч спадзе, Што параіш у бядзе?» «Эт, панок! Я спосаб знаю, — Простым розумам параю: Каб вам мець перасьцярогу, Не забыцца б ў Пана Бога, — Адно стрэмя залатое Вы пакіньце мне на тое, Помніць будзеце ўвесь час, Што я тут чакаю вас». «Добра, розуму бярэмя Маеш, чалавеча! Стрэмя На, вазьмі маё; сядзі Ды чакай мяне, глядзі!» I, Мацею стрэмя даўшы, Сам паехаў, паскакаўшы Зноў па лесе на каню… Бляск ідзе, маўляў з агню, Зьзяе стрэмя залатое. «Вот бы мне яшчэ другое! — Гэтак думае Мацей. — Было б хлеба для дзяцей». (Ўзрос Мацей і жыў бяз цноты, Не было бацьком турботы, — Дык ня дзіва, што лазаты, Бэльзэбула сын рагаты, З гэткай думкай падступіў, А Мацей яе ўхапіў.) Потым стрэмя закапаў, Палажыўся і праспаў Аж да заўтра, да паўдня… Пралупіўшы толькі вочы, Чуе: конь ізноў грукоча. Сьвяты Юр’я то нясецца, Мацей ў вус сабе сьмяецца. Многа часу не чакаў, Хутка Юры прыскакаў; Конь пад ім гуляе, скача. «Ну, ты слухай, небарача: Аб табе з тваёю справай Я ў абедзе за расправай Богу ўсё як ёсьць сказаў; Пастараўся, як зьвязаў, I як ты жывеш, гаруеш I зь дзяцьмі сваймі бядуеш; Як галаву сваю ламаеш I які ты розум маеш! Так казаў, што ледзь-ня ледзь Сам ня плакаў. Адпаведзь Бог такую табе даць Меў мне міласьць прыказаць: Красьці — гэта грэх! Глядзі, Ты ніколі не крадзі! Калі ж будзеш ты што браць У людзей, то, каб аддаць, Надта рупіцца ня трэба, От і будзеш меці хлеба. А то часам і саўсім Не аддай нічога ім: Я ня ведаю, ня браў… Калі ж будуць набівацца, Ты ня бойся адпірацца, Шчасьце знойдзеш так сваё. А цяперака маё Стрэмя зноў ты мне зьвярні». «Стрэмя?! Я яго ня браў! Хіба ж пан мне аддаваў?!» — «Ану, як жа, — можа, не?» — «Не давалі, панок, мне! Мо’ ў дарозе дзе згубілі, Мо’ саўсім бяз стрэмя былі?..» «Не кажы, Мацей, пустога, Свайго стрэмя залатога Я ніколі не губіў; Я пакінуў, як тут быў, Ды ад’язджаць ўжо зьбіраўся». А Мацейка не спужаўся: «Ясны пане, мяне маці Не вучыла, каб ілгаці, I калі я вам сказаў, Стрэмя вашага ня браў, — Значыць, так яно і ёсьць, Дайце веры, ваша мосьць». Так Мацей выпрысягаўся. Сьвяты Юры паспрачаўся, Потым бачыць, што дарма Тут стаяці, што няма Ўжо ніякае надзеі Вярнуць стрэмя ад Мацея, Уздыхнуў дый кажа ціха: «Ну, ня жычу табе ліха, Бог з табою… Спажывай! Дробных дзетак паднімай, Хоць… Папраўдзе… Каб я знаў, Стрэмя б мо’ табе ня даў». I, сказаўшы так, сьвяты Паскакаў у лес густы. Мацей стрэмя адкапаў Дый за пазуху схаваў I пайшоў сабе дахаты I вясёлы, і багаты. Як ён сьцежачку знайшоў, Як дадому ён прыйшоў, Як далей ён сабе жыў, З кім сварыўся, з кім дружыў, Які ў жыцьцю меў ён цэль — Я ня ведаю. «Круцель!» — На яго казалі людзі. Хай і гэтак сабе будзе! Мне ж, калі так ваша ласка, За маю за гэту казку Чару мёду паднясіце Ды закускаю дарыце.
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win