Шрифт:
Пачуццё такое пранізлівае, што ён ачынаецца. Бярэцца на ранне. Яшчэ праз туманец сну Гусоўскі бачыць над ложкам ладунку з барсучынае шкуры. У махрах цьмяна пабліскваюць каваныя трокі. Цела дагэтуль памятае, як ладунка прыемна адцягвае плячо, і, каб узгаданае адчуванне было паўнейшае, ён на момант заплюшчвае вочы.
На белай сцяне праваруч вакна — скіфскага выгіну лук вышынёю на рост паляўнічага. Кібіць абкладзена касцянымі пласткамі з нябачнымі яшчэ маленькімі выявамі тарпанаў. Цеціва ўжо даўно аслабла, а часам, вось як у гэтую хвілю, так хочацца ўскінуць лук, нацягнуць да лёгкага звону і адчуць хвосткі ўдар па скураной наручцы. Калісьці ён мог выбраць за сотню крокаў дубовы стаўбур і дванаццаць стрэлаў малявалі роўны шасціканцовы крыж.
Ён спрабуе разгадаць сон. Эх, пад'есці б зараз печанага на вуголлі глушцовага мяса! Учора яму выпаў зусім нішчымны дзень: думкі былі быццам камяні ў крушні, і на паперу леглі ўсяго два нежывыя радкі, а кожны паляўнічы Княства ведае, што глушцовае мяса дае спажыву не толькі целу, але найперш розуму; нездарма кажуць: жывіся глушцом — будзеш мудрацом.
Бліжэй да вакна, пры самым стале, тул з тузінам даўгіх стрэлаў з лебядзінымі пёрамі. Гэткія ж пёры і на стальніцы, побач з кнігамі, свечкай і пясочным гадзіннікам. На перасценку, пад простым абразом Багародзіцы, вісіць няраз працёрты крывёю з мезеніка — каб быў шанцунак — самастрэл з казінаю нагой.
Туга па лясной маладосці заўсёды жыла ў ім, як у сухмень пад мохам і шыгавіннем жыве грыбніца. Сёлета туга прыходзіла да яго асабліва часта, але ён сустракаў яе з радасцю, бо разам з ёю ажывалі і абкружалі яго прызабытыя зыкі і пахі і ён чуў у сваім пакоі пошум пракаветных лясоў. Ён аддаваўся ўспамінам усёй сваёй істотаю, і надыходзіла хвіліна, калі знікалі сцены, знікалі камяніцы і галасы Вечнага горада, знікаў Тыбр і разлогія кроны піній, і ён бачыў мірную зубрыную чараду на тым баку Нёмана. Потым яму было цяжка даць веры, што гэтыя роўныя лацінскія радкі накрэсліла на паперы ягоная, а не чыясьці іншая невідочная рука, што іх пакінуў звычайны атрамант з сажы і гарэхаў, а не нейкае магічнае рэчыва.
Але надаралася і шмат іншых дзён, такіх, як учора і пазаўчора, такіх, калі ягоныя блуканні па рымскіх вуліцах і плошчах нязменна выводзілі яго на Апіеву дарогу і вялі да пахавальні Цэцыліі Метэлы, сваячкі таго самага Краса, што ўкрыжаваў тут тысячы непакорлівых рабоў. Нядаўна ён даўмеўся, чым надзіць яго гэтая цыліндрычная спаруда сярод чэзлых дрэўцаў і хмызняку: у яе абрысах хавалася падабенства з Камянецкай вежай.
Вітэліус чацвёрты месяц падарожнічаў па Італіі, а ён пісаў і цешыўся са свае адзіноты.
У вузкія шыбы высокага вакна ўсё больш напорліва лілося ранішняе святло. Сталі відаць фігуркі звяроў на кібіці, а на сцяне насупраць ложка выступілі з прыцемку тры павешаныя ўсутыч гравюры. Бывала, ён цэлымі гадзінамі стаяў перад імі, зачараваны іхнім таемным, суладным у сваёй жудлівай несуладнасці светам. Левая гравюра з прасветленымі тварамі Адама і Евы, з аблітымі сонцам, поўнымі птушак і зверыны эдэмскімі садамі, змушала душу трымцець ад нейкай няўцямнае радасці. Тут усё дыхала злагадай і ціхамірнасцю, і самі вочы адмаўляліся бачыць котку, якая ўжо трымала ў зубах прыдушаную мыш, і саву, што зладзіла кубло ў вадаліве жыцця. Але радасць хутка гасла, бо сярэдняя гравюра — безліч аголеных чалавечых істот і звяроў, іхні няспынны бег вакол загадкавай азярыны, фантасмагарычныя напалову жывёлы, напалову механізмы — нараджала ў сэрцы самыя змрочныя прадчуванні. І нарэшце душа трапляла ў палон пякельных пачвараў правай гравюры. Тут валадарылі жах, смерць і пакуты, напэўна, ва ўсіх сваіх магчымых абліччах. Невялікая гравюра выдавала бязмежнаю. Няхай невідочна, але на ёй стаяў і белы султанскі шацёр, складвалі піраміды з людскіх галоў янычары і брыла па папялішчы спаленай татарамі вёскі звар'яцелая старая…
Гэта быў падарунак мецэната, копія з алтара галандскага майстра Гераніма Босха. Геніем ці вар'ятам быў чалавек, што здолеў змясціць на адной карціне ўвесь крывавы хаос гэтага свету? — часта пытаўся ў сябе Гусоўскі. А можа, сам свет ужо даўно страціў розум, а мастак толькі адкрыў людзям вочы?
Але зараз паэт быў у абладзе іншых думак, бо сон пра радзіму не мог вешчаваць благога.
Паснедаў ён, як звычайна, у таверне каля моста Фабрыцыя, дзе ўранні падавалі свежую рыбу і кубак таннага віна. Трэба было вяртацца да стала і паперы. Сон абяцаў яму ўдачлівы дзень, аднак Гусоўскі нечакана для сябе рушыў вуліцаю ў бок Калізея.
Трохповісная аркада амфітэатра сустрэла яго цішынёй і пустэльнасцю. Калісьці, у свае першыя дні і месяцы ў Вечным горадзе, ён часта прыходзіў сюды. Яму дастаткова было заплюшчыцца і лёгка націснуць пальцамі на павекі, і пусты амфітэатр да краёў напаўняўся гулам дзесяткаў тысяч галасоў. Ён быў то гледачом, то адным з тых няшчасных, што, павярнуўшыся да імператарскай ложы, ускідвалі над галовамі мячы і адрывіста крычалі кесару словы свайго змрочнага прывітання.
Але гэтым ранкам яго прывяло сюды абуджанае сном пачуццё нейкага чакання.
Памяць дазваляла яму пісаць без пёраў і паперы. Прымружыўшы вочы, ён паўтарыў апошнюю страфу, якая гучала ў думках адначасна на лаціне і па-беларусінску. Паэма яшчэ не мела назвы, але раз-пораз, як вясёлкавая стронга ў чыстых нёманскіх доплывах, у свядомасці ўжо праплывала: «Carmen de bisonte» — «Песня пра зубра».
Гусоўскі ўрупіўся ў работу і не адразу змеціў чалавека, што з'явіўся па другі бок арэны. То быў юнак у апратцы шкаляра з вышыванымі саквамі цераз плячо. Ён скінуў не надта пакоўныя саквы, выняў акраец хлеба і запусціў у яго маладыя зубы. Падхарчыўшыся, шкаляр паслаў на каменную лаву добра-такі зашмальцаваны фаляндышавы плашч і з насалодаю выцягнуўся на ўвесь свой немалы рост.