Час чумы
вернуться

Орлов Владимир Викторович

Шрифт:

— Я хачу, — пасля пярэрвы сказаў Эразм, — каб ты памятаў і словы боскага Дантэ:

O, voi, ch'avete gl'intelletti sani Mirate la dottrina, che s'asconde. Sott'il velame degli versi strani [7] .

Мара трох апошніх гадоў пачынала збывацца, аднак Гусоўскі не мог даастатку аддацца радасным пачуццям, бо чуў у мецэнатавых словах недагаворанасць.

— Сённяшні дзень з тых, што могуць перавярнуць усё жыццё, — прамовіў ён. — Але чаму радасць у вачах у монсеньёра патанае ў смутку?

7

О вы, разумныя, зірніце самі, І кожны зразумее настаўленне, За дзіўнымі схаванае радкамі.

Позіркі паэта і мецэната сустрэліся. Яны ўбачылі адзін у аднаго падзеленыя напалам удзячнасць і трывогу і ўадначас збянтэжана апусцілі вочы.

— Сёння я атрымаў ліст з Кракава. — У Эразмавым голасе з'явілася звінючая расколінка. — Інтрыганы дамагліся свайго. Кароль загадвае нам вярнуцца. Я ўжо не пасол.

Вітэліус сеў. Ягоныя плечы бяссіла апусціліся, маска ўпэўненага ў сабе дыпламата ўпала з твару, як сарваны ветрам ліст. Перад Гусоўскім быў разгублены няшчасны чалавек з пагаслымі вачыма.

— Я ўжо не пасол… — паўтарыў ён.

— Няхай монсеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава монсеньёр ужо не пасол, але для Рыма і Эўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.

— Пасол без дзяржавы… — са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.

— Кароль і двор — яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй…

— Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць, — перапыніў мецэнат. — Статак сапраўды невінаваты, што ягоныя пастыры больш падобныя да ваўкоў. — Ён зноў уладна браў нітку гаворкі ў свае рукі, і Гусоўскі здзіўлена ўбачыў, што за сталом сядзіць заўсёдны, рашучы і гатовы да любых паваротаў лёсу біскуп Вітэліус.

Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да сваёй звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз была добра-такі разбаўлена падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.

— У нас няма выбару, — прамовіў Эразм. — З гэтага дня мы — ізгоі. Табе не трэба тлумачыць, колькі залежыць цяпер ад тваёй музы. І для цябе, і для мяне, і для мільёнаў нашых суайчыннікаў.

Гусоўскі задуменна пазіраў на новую карціну. Востры сонечны прамень крануў чало Збавіцеля і слізгануў па малітоўна складзеных руках грэшніцы.

— Няхай умацуе мае слабыя сілы Ўсявышні.

Паэту хацелася пабыць на адзіноце, каб паўтарыць прамоўленыя словы таму, каму належала іх пачуць, але Вітэліус яшчэ не адпускаў яго.

— Дарагі Nicolaus, прызнаюся, што сярод трывог апошніх дзён у маім сэрцы знайшло свой куток і тое, пра што мы абодва пакуль што маўчалі. Мяне турбуюць твае сардэчныя справы.

— Я… — з выклікам пачаў Гусоўскі.

— Паслу ех officio [8] належыць ведаць усё, што чыніцца з ягоным сакратаром, — паспешліва сказаў Эразм, каб дапамагчы ці то паэту, ці то самому сабе. — А я не толькі пасол і мецэнат. Я сябра. Я ведаю імя тваёй абранніцы. Гэтая жанчына ніколі не пераступіць цераз забабоны, з якімі мы змагаемся ўсё жыццё…

8

Паводле пасады (лац.).

— Яе няма ў Рыме. Я ўбачу яе не раней як праз паўгода, — сказаў Гусоўскі, каб хутчэй скончыць гэтую цяжкую тэму, і мецэнату не ўдалося схаваць ад яго радасць.

— Я ведаю, што ты пісаў да яе, і здагадваюся, што яна табе адказала. Няхай расстанне будзе бальсанам на твае раны. Памятай, у тваіх руках не толькі твой лёс.

Вітэліус падышоў, каб развітацца, і калі ён злёгку сціснуў Гусоўскаму плячо, той насупор зусім нядаўнім пачуццям адчуў да мецэната спагаду. Знячэўку ён на ўсю поўніцу зразумеў, наколькі знітаваліся іхнія лёсы, і ў гэты момант зноў убачыў ланцужок слядоў на плітах калумбарыя.

V

Цяпер трэба зацяць дыханне і знерухомець, каб не трэснуў пад нагою сухі сучок. Закаханы спявак пяе кароткімі, не даўжэйшымі за тры стукі сэрца, каленцамі і ў гэтыя імгненні не чуе анічога — хоць палі з гакаўніцы. Тры стукі сэрца — тры імклівыя крокі, і песня абрываецца, а ён замірае, не паспеўшы паставіць нагу на дол. Адзін неабачлівы рух, адзін прытоены ўздых, і чырванабровы пяюн, залопаўшы крыламі, знікне ў лясной гушчарні. Здаецца, пярэрва доўжыцца бясконца, але вось глушэц зноў падае голас. Тры крокі, галінка ляшчыны ледзьве не выколвае вока, і зноў нерухомасць. Ранішняя сцюдзёнасць лезе пад світу, паветра — як халоднае даўкае віно. Яшчэ тры крокі. «Мой! Мой!» — заходзіцца ад паляўнічага шчасця душа.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win