Час чумы
вернуться

Орлов Владимир Викторович

Шрифт:

II

Раніцою ён ачнуўся каля Траянавай калоны, дзе ўчора, здарожаны, прысеў адпачыць. Яшчэ нядаўна, любуючыся рэльефамі пераможных бітваў Рыма з дакамі, знаныя гараджанкі выгульвалі каля калоны сабачак і гарнастаяў. Цяпер тут было пуста, адно рабы валачашчы сабака краўся да яго, відаць, маючы за нежывога. Ён падняў з долу камень, і сабака, падціснуўшы хвост, патрухаў прэч. На пляцы, як і раней, было пустэльна, ды, прыслухаўшыся, Гусоўскі пачуў гоман вялікага натоўпу, і неўзабаве з бліжэйшых вуліц адначасна паказаліся дзве зусім непадобныя, але аднолькава злавесныя працэсіі.

На чале першай чацвёра манахаў-дамініканаў неслі вялізны чорны крыж са срэбным Хрыстом. За імі рухаўся збой людзей, якія раз-пораз хвасталі сябе па рамёнах вузлаватымі бізунамі. Аголеныя плечы мужчын спрэс былі ў свежых ранах і цёмных прыгоеных рубцах. Кроў выступала і на рыззі, якое прыкрывала маладыя і старыя жаночыя целы. У хвасце шэсця, што пакідала за сабою на пыльным бруку чырвоныя сляды, таксама брылі дамініканы ў карычневых сутанах.

Наўскос гэтай працэсіі сунулася другая, даўжэйшая. Заміж манахаў з укрыжаваннем тут ішлі наперадзе людзі, што вялі на ланцугу магутнага чорнага быка з крыва адпілаваным рогам. За быком тупала бязладная сціжма гараджанаў рознага веку і звання. Гусоўскі здагадаўся, што гэта паслядоўнікі грэка Дзімітрыя Спартакуса, наваяўленага прарока, які адрынуў Хрыста і разам з тысячамі гаротнікаў клаў паклоны быдлу. І гэта Рым, асяродак веры, са скрухаю думаў паэт, пільней углядаючыся ў натоўп, бо яму падалося, што сярод іншых там мільгануўся знаёмы твар. Відаць, проста прымроілася, але ён усё ж пайшоў следам, трымаючыся на сотню крокаў ззаду.

Два шэсці размінуліся даволі мірна, аднак Гусоўскі з абурэннем змеціў, як тры дамініканы аддзяліліся ад першае працэсіі і прысталі да тых, хто меў спадзяванне не на Бога, а на чорную пачвару з налітымі крывёй вачыма.

Натоўп цягнуўся да палаца імператара Даміцыяна, дзе было прызначана ахвярапрынашэнне. Дарогаю да прыхільнікаў апантанага грэка з крыкамі далучаліся сотні мужчын і жанчын з дзецьмі. Цяпер, каб зноў убачыць той нібыта знаёмы твар або ўпэўніцца ў памылцы, Гусоўскі, рызыкуючы заразіцца, мусіў ісці ў самім збоі.

Нарэшце марудны і пакутлівы ад пылу і гарачага сонца рух спыніўся. Натоўп атачыў сухую чашу фантана, да якога падводзілі быка. Жывёліна, чуючы блізкую смерць, натурылася і баязліва падгінала ногі. Гусоўскаму знячэўку згадалася велічная грацыя дзікіх зуброў. На міг ён пачуў зыкі сурмы, вольны вецер лясоў і з тупым болем падумаў, што ўсё гэта засталося там, у далёкім і незваротным мінулым. Ці ўбачыць ён радзіму зноў? Няўжо яму наканавана застацца ў Вечным горадзе назаўсёды?

Каля быка з'явіўся смуглявы гарбач з мясніцкім сіпагам.

Натоўп заходзіўся да ляманту і скавытання. Людзі падалі на дол і выгуквалі заклёны. Доўгае лязо сіпага ўспыхнула на сонцы, і на белыя камяні пырснула цёмная бычыная юха. Гусоўскі адвёў вочы і раптам на тым баку фантана зноў убачыў той самы твар.

Яна ў гэтай ардзе няшчасных дзікуноў? Не, ён памыляецца. Але чаму адразу страпянулася і вырасла сэрца, у якога ёсць свае вочы і свая памяць? Няўжо той агонь насупор усім довадам розуму не прыгас і на цэлым свеце для яго па-ранейшаму няма чалавечай істоты даражэйшае за гэтую жанчыну?

Наступаючы на нечыя ногі, спатыкаючыся аб распасцёртыя на пыльных камянях целы, ён, ужо не губляючы таго твару з вачэй, прадзіраўся цераз збой, і, калі зніклі апошнія сумневы, калі парадзеў гушчар чалавечых целаў, а паміж ім і Франчэскаю засталіся нейкія дзесяць крокаў і ён ужо бачыў трохкутнік радзімак на яе падбародку, здарылася непрадбачанае. За спінаю ў Франчэскі вылузаліся з натоўпу трое дамініканаў. Адзін вялізнай пяцярнёй заціснуў ёй рот, а два другія схапілі за рукі і ледзь прыкрытыя лахманамі ногі і подбегам скіравалі да блізкіх руінаў. Намацваючы схаваны пад плашчом штылет, Гусоўскі рвануўся за імі, але праз хвілю, усвядоміўшы, хто былі гэтыя манахі, змусіў сябе спыніцца. Калі ён хоча вырваць Франчэску з рук боскай юстыцыі, ён павінен застацца на волі.

III

На скрыжаванні каля палаца дэла Канчалерыя дарогу Гусоўскаму заступіў чалавек у адзенні пахолка.

— Сіньёра хоча бачыць яго даўні знаёмы.

— Я спяшаюся, — нецярпліва адказаў паэт. Перажыўшы бяссонную ноч, якую ўяўленне засяліла самымі змрочнымі вобразамі і малюнкамі, ён зноў кіраваўся да мецэната.

Гусоўскі хацеў абагнаць незнаёмца, ды той не адставаў.

— Тут блізка, і мой гаспадар не затрымае сіньёра надоўга. Я шукаю сіньёра ўжо другі дзень.

Можа, гэтыя пошукі нейкім чынам павязаныя з ягоным сённяшнім клопатам?

Аднак Гусоўскі памыліўся.

Слуга правёў яго праз пыльныя пакоі пакінутага дома, і з сонечнай анфілады паэт трапіў у сутонне за цяжкімі разьблёнымі дзвярыма. З-за стала, што мясціўся пасярод прыцемнага пакоя, падняўся гнуткі чорнабароды чалавек у вішнёвай аксамітавай камізэльцы з багатым гафтам, і Гусоўскі пазнаў свайго даўняга зласліўца Строццы.

Пахолак знік, і Гусоўскі агледзеўся. Вокны пакоя былі схаваныя за цяжкімі запавесамі. На стале гарэлі тры свечкі, побач з пёрамі стаяў зялёны келіх з цёмным віном.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win